29 красавіка ў бібліятэцы імя Я. Купалы г. Мінска адбылася традыцыйная сустрэча ветэранаў бібліятэчнай справы сталіцы, прысвечаная ў гэтым годзе 25-гадоваму юбілею ГА “Беларуская бібліятэчная асацыяцыя”. Была шчырая размова аб дзейнасці ББА сёння і ўспаміны аб тым, як гэта ўсё пачыналася. Прыйшлі да высновы, што справа, распачатая ў 1992 годзе, выдатна працягваецца моладдзю, якая стаіць зараз у кіраўніцтве ББА. Шмат што зроблена ў арганізацыйнай, метадычнай, законатворчай дзейнасці, а самае галоўнае – бібліятэкі ўсіх ведамстваў і іх супрацоўнікі сталі бліжэй адзін да аднаго, з’явілася магчымасць праводзіць шырокамаштабныя праекты і акцыі, дапамагаць у вырашэнні надзённых прафесійных спраў. Была, безумоўна, і шыкоўная культурная праграма, падрыхтаваная таксама бібліятэкарамі. На сустрэчы свае творчыя калектывы прэзентавалі публічныя бібліятэкі №11 і №7 г. Мінска. Прагучалі прыгожыя песні, рамансы, цудоўная гітарная музыка, аўтарская песня, быў паказаны гумарыстычны міні-спектакль. Адбылося ўрачыстае віншаванне з юбілеем Сафіі Васільеўны Юдо. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць за кубачкам гарбаты абмяняцца думкамі, уражаннямі, успамінамі. Было душэўна, цёпла, прыгожа і для ўсіх прыемна. Прысутнічала на сустрэчы старшыня Савета ББА Далгаполава А.Е.(з дакладам аб дзейнасці Савета ББА ў 2016 годзе), намеснік старшыні Юрык І.В., прадстаўнік Мінгарвыканкама Ясюк М.Д. Арганізатары мерапрыемства (камітэт ББА па сацыяльнай і прававой рабоце, старшыня Макаранка Л.І.) вельмі ўдзячныя Кубышкінай А.В. і Матвеевай А.І. за выдатную падрыхтоўку і правядзенне сустрэчы ветэранаў, за чуласць і разуменне адказнасці перад пакаленнем старэйшых калег. Старшыня камітэта па сацыяльнай і прававой абароне Макаранка Лідзія Іванаўна.
31 марта 2017
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: